Мінск

Адкрыйце для сябе яўрэйскае жыццё ў Мінску

Халакост, які пачаўся ў Мінску з уварвання Германіі ў Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года – названага нацыстамі “аперацыяй Барбароса” – беззваротна змяніў лёс яўрэйскай абшчыны Мінска, якая ў той час складала траціну ўсяго насельніцтва горада. Мінскія яўрэі былі вымушаны перасяліцца ў гарадское гета, створанае ў Ракаўскім прадмесці. За і без таго небяспечнымі для жыцця абставінамі адбыліся масавыя забойствы ў гета і дэпартацыі ў месцы знішчэння. Увогуле падчас Халакосту было знішчана да 90 працэнтаў яўрэйскага насельніцтва Беларусі.

Слухай цяпер:

Пра Аўдыёгід па Мінскаму гета

00:00
00:00
  • No title 00:00

Гэты Аўдыёгід быў падрыхтаваны Яўрэйскім гістарычным інстытутам Centropa і Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна пры Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

Абапіраючыся на інтэрв’ю Centropa з пажылымі яўрэямі, якія жылі ў Мінску, і архіўныя матэрыялы, сабраныя Гістарычнай майстэрняй, мы стварылі гэты віртуальны «гід»-даведнік. Ён распавядае аб былым яўрэйскім гета і некаторых гістарычна значных месцах, што захаваліся да гэтага часу і калісьці былі звязаныя з Мінскай яўрэйскай абшчынай.

З 2005 па 2006 год інтэрв’юеры Centropa у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Кіеве і Маскве запісалі гісторыі жыцця 20 найстарэйшых яўрэяў на той момант, якія выраслі або пражылі частку свайго жыцця ў Беларусі. Іх прасілі падзяліцца сваімі асабістымі гісторыямі жыцця да, падчас і пасля Другой сусветнай вайны. У Гістарычнай майстэрні сабрана больш за 100 інтэрв’ю з былымі вязнямі Мінскага гета. У гэтым Аўдыёгідзе прагучаць толькі фрагменты іх гісторый.

Аўдыёгід распавядае гісторыю Мінскага гета праз 10 асабістых гісторый яўрэяў, якія перажылі Халакост і падзяліліся сваімі ўспамінамі ў інтэрв’ю Centropa і Гістарычнай майстэрні. Яны стануць вашымі гідамі па тэрыторыі былога гета і па месцах, што вы неўзабаве наведаеце. Праз іх погляд і ўспаміны мы лепш зразумеем жахі, якія адбываліся тут падчас Другой сусветнай вайны.

Чытаць болей
Мінск

Слухайце зараз

Увядзенне ў яўрэйскую гісторыю Мінска

00:00
00:00
  • No title 00:00

Яўрэі пачалі жыць ў Мінску з 1489 года, калі горад уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. З сярэдзіны XVI стагоддзя ён належаў да Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Мінск быў далучаны да Расійскай імперыі. Хаця яўрэйскае насельніцтва таксама пакутавала ад гвалту і пагромаў, яўрэйская абшчына пастаянна расла. Напрыканцы XIX стагоддзя у Мінску іх пражывала каля 50 000 — то бок, яўрэем быў кожны другі жыхар Мінска.

Мінская яўрэйская абшчына была чацвёртай па велічыні ў «рысе аседласці» — тэрыторыі Расійскай імперыі, дзе дазвалялася жыць яўрэям. Яны працавалі ў розных прафесіях: займаліся збожжам,  дрэваапрацоўкай, пашывам адзення і абутку, а таксама былі млынарамі і токарамі.

Да пачатку XX стагоддзя Мінск стаў ключавым культурным цэнтрам Усходняй Еўропы. У горадзе працавалі прэстыжныя яўрэйскія школы і ешывы, а яўрэйскія палітычныя рухі пачалі распаўсюджвацца па Мінску і ўсім рэгіёне, у іх ліку — Бунд яўрэйскіх працоўных і сіянісцкі рух. Горад быў апорай культуры на ідышы, і ў ім з’явіўся шэраг выданняў на гэтай мове. Калі ў 1922 годзе Беларусь была ўключана ў склад Савецкага Саюза як адна з рэспублік, БССР стала адзінай, дзе ідыш атрымаў статус афіцыйнай мовы з улікам цеснай сувязі з ёй мясцовых яўрэяў, а таксама таго факту, што яны складалі значную частку насельніцтва.

Напрыклад, наведвальнікі, якія прыязджалі ў Мінск на цягніку, бачылі над уваходам на чыгуначны вакзал назву горада на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай і ідышы.

Паводле Рыжскага мірнага дагавору Беларусь была падзелена на дзве часткі: заходняя адышла да Польшчы, а ўсходняя засталася ў складзе Савецкага Саюза. З часам ідыш страціў свой афіцыйны статус, а яўрэі пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій. Пазней Савецкі Саюз узяў пад свой кантроль усю тэрыторыю Беларусі згодна так званаму Пакту аб ненападзе паміж Германіяй і СССР.

Давід Таўбкін скончыў школу ў 1941 годзе і прыгадвае Мінск свайго юнацтва: «Школу скончыў […] у пачатку чэрвеня […] Клас быў разнастайным, мы не ведалі, хто якой нацыянальнасці. […] Акрамя таго, там [у Мінску] жыла значная частка інтэлігенцыі, бо былі ВНУ, было шмат тэхнікумаў; ды й наогул, гэта быў такі кангламерат нацыянальных меншасцяў, у тым ліку палякаў, беларусаў, рускіх. Але ўсё ж значнай часткай насельніцтва былі яўрэі. […] Мы жылі ў сваім доме ў глыбокім двары і разам з аднагодкамі гулялі ва ўсялякія гульні, у тым ліку, вядома ж, і ў вайну. Атмасфера была крыху напружанай, бо адчувалася, што набліжаюцца такія значныя падзеі. Ну, хлопчыкі гэтых рэчаў, вядома, не заўважалі».

У сваім інтэрв’ю Centropa Ларыса Гарэлава, яўрэйка з Мінска, якая перажыла Халакост, так апісвае родны горад: «Даваенны Мінск быў буйным горадам і сталіцай БССР, культурным і прамысловым цэнтрам. У Мінску знаходзіліся Акадэмія навук і Беларускі дзяржаўны універсітэт. Шырокія, прасторныя праспекты ў цэнтры горада былі забудаваны новымі сучаснымі будынкамі, хоць на ўскраінах горада будынкі былі драўляныя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Мінск быў амаль цалкам разбураны, а пасля яго, можна сказаць, пабудавалі нанова. Я ўбачыла яго праз шмат гадоў, калі прыехала ў камандзіроўку».

Калі пройдзеце па сённяшняй вуліцы Ракаўскай, вы ўбачыце некалькі прыгожых будынкаў з чырвонай цэглы — гэта рэшткі колішняга пераважна яўрэйскага прадмесця. У гэтым раёне знаходзіліся сінагогі, ешывы і некалькі прамысловых прадпрыемстваў. Мясцовыя яўрэі займаліся ў асноўным гандлем і рамёствамі. Да Першай сусветнай вайны амаль у кожным будынку размяшчалася майстэрня, і існавала ўсяго некалькі крам. На вуліцы Ракаўская, 18, калі падысці да сённяшняга «Туркмена-беларускага гандлёвага дома», вы ўбачыце былую сталовую для найбяднейшых чальцоў яўрэйскай абшчыны. Акурат па суседстве, на Ракаўскай, 17, знаходзіцца так званы дом Абрама Чэрчыса, пабудаваны ў стылі класіцызму. Калісьці тут была бальная зала і месца для святочных мерапрыемстваў.

«Ракаўскі бровар» сёння — шырока вядомы мінскі піўны рэстаран. На самой справе першапачатковым прызначэннем будынка было навучанне. У гэтым доме, пабудаваным ў 1888 годзе, знаходзілася ешыва — навучальная установа, у якой хлопчыкі вучыліся на рабінаў.

На мяжы стагоддзяў рэлігійныя патрэбы яўрэйскага насельніцтва, колькасць якога расла, задавальнялі шматлікія сінагогі. Да Другой сусветнай вайны ў Мінску іх налічвалася 83. Вялікая харальная сінагога, пабудаваная ў 1904 годзе, была адной з найбуйнейшых у горадзе. Аднак ужо ў 1920-я гады многія сінагогі былі зачыненыя савецкай уладай, а Вялікую харальную сінагогу пазней перадалі Дзяржаўнаму яўрэйскаму тэатру, які ставіў п’есы на ідышы. Сёння ў Вялікай харальнай сінагозе дзейнічае Нацыянальны тэатр імя Максіма Горкага. Ад ранейшага аблічча будынка мала што засталося, але калі пайсці направа і паглядзець на сцяну, можна ўбачыць некаторыя сляды былой сінагогі.

Алена Драпкіна ўспамінае сваё дзяцінства 1930-х гадоў:

«Дзядуля наведваў сінагогу і там, верагодна, меў зносіны з членамі абшчыны. Мае бацькі ў сінагогу не хадзілі: ім даводзілася шмат працаваць, у іх не было часу на размовы, а яшчэ трэба было клапаціцца аб трох дзецях. Памятаю, аднойчы бацькі пайшлі ў тэатр, а мы з братам засталіся дома. У той час замкоў не было, я заблакавала дзверы, і мы заснулі. Мы не чулі, як яны вярнуліся з тэатра, не чулі, як грукалі ў дзверы. Тату давялося прынесці лесвіцу, падняцца па ёй і пралезці ўнутр праз маленькую фортку ў пакоі на другім паверсе. Калі я падрасла, мы часта хадзілі ў Мінскі яўрэйскі тэатр. Памятаю спектакль “Тэўе-малочнік”. Тэатр зачынілі яшчэ да пачатку вайны».

 

Сярод іншых вядомых — Вялікая сінагога, народная мянушка — «Халодная», бо ў зімовыя месяцы яна часта не ацяплялася. Яна была ў ліку трох, што перажылі Другую сусветную вайну, хоць яе і знеслі пазней, у 1965 годзе. Яшчэ адным рэлігійным аб’ектам была сінагога Зальцмана, куды часцей хадзілі больш бедныя прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны Мінска. Падчас нямецкай акупацыі яна выкарыстоўвалася як жылы будынак Мінскага гета, а пасля вайны ператварылася ў кінатэатр і Дом піянераў.

Міхаіл Трэйстэр, былы вязень гета, апісаў умовы жыцця там: «Нашае першае жыллё у гета — зала былога кінатэатра на вуліцы Ракаўскай, насупраць хлебакамбіната. Акрамя нас, там было яшчэ каля сотні няшчасных душ у такіх жа жаласных умовах. Сем’і адмяжоўвалі свае жылыя памяшканні коўдрамі».

У сучасным Мінску ёсць тры дзеючыя сінагогі, якія размешчаны не ў гістарычных будынках, а два гістарычныя будынкі — былых сінагогі Зальцмана і Харальнай сінагогі — былі перапрафіляваныя.

Чытаць болей

Паказваць менш

Мінскае гета

00:00
00:00
  • No title 00:00

Халакост незваротна змяніў лёс яўрэйскай абшчыны Мінска, якая ў той час складала траціну ўсяго насельніцтва горада.

З-за пагрозы нямецкай акупацыі сталіцу пакінулі 98 000 чалавек, у тым ліку 45 000 яўрэяў. Некаторым з іх удалося эвакуіравацца ва ўсходнія раёны СССР. Але каля 80 000 яўрэяў апынуліся ў Мінску ў пастцы.

Пасля нямецкага ўварвання на тэрыторыю Савецкага Саюза ў рамках аперацыі “Барбароса” на акупаваных тэрыторыях пачаліся пагромы і расстрэлы яўрэйскага насельніцтва. Яно пачало няўхільна скарачацца. Рыта Каждан, якая выжыла ў Мінскім гета, апісвае ў інтэрв’ю Centropa першыя дні акупацыі горада:

«22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мае бацькі працавалі 22-га, у першы дзень вайны. Гэта была нядзеля. Усе былі ўзрушаны і ахоплены панікай, але ніхто не верыў, што гэта праўда. 24 чэрвеня [немцы] зранку пачалі бамбіць Мінск. Бацькі не паверылі, што горад бамбяць, і вырашылі, што гэта была адпрацоўка трывожнай сігналізацыі. Яны сышлі на працу, а я з пакаёўкай засталася дома. У 12 гадзін мама прыбегла з працы. Калі пачалася масіраваная бамбардзіроўка, мы з пакаёўкай і братам спусціліся ў бамбасховішча. Падача паветра спынілася, і, каб не задыхнуцца, мы выйшлі на вуліцу і ўбачылі гэтыя бомбы, што са страшным віскам падалі на горад».

У пачатку ліпеня 1941 года было забіта шмат мужчын-яўрэяў і іншых цывільных асоб. 19 ліпеня вермахт выдаў загад аб стварэнні ў Мінску гета — ў Ракаўскім прадмесці, найстарэйшым і найбяднейшым раёне горада. Загад выразна вызначаў межы гета недалёка ад цэнтра і ўключаў каля 40 вуліц і завулкаў у паўночна-заходняй частцы горада каля Юбілейнай плошчы і яўрэйскіх могілак; агульная плошча — 2 квадратныя кіламетры. Яго ачаплялі тоўстыя рады калючага дроту. Мінскае гета стала другім па велічыні на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза пасля Львоўскага.

Паводле успамінаў Алены Драпкінай, мінскім яўрэям, якія да гэтага жылі побач са сваімі суседзямі-неяўрэямі, далі ўсяго пяць дзён, каб сабраць рэчы і пераехаць у гета:

 «Калі немцы ўвайшлі ў горад, яны вывесілі аб’явы — ўсе яўрэі мусілі сабрацца ў адным раёне. Тыя, хто жылі ў названым раёне, павінны былі заставацца ў сваіх дамах, а рускія — з’ехаць; людзі пачалі абменьвацца кватэрамі. Наш дом знаходзіўся на рускім баку вуліцы. У нас не было часу абмяняць кватэру, але на тэрыторыі гета жыў татаў малодшы брат (дзядзька Толя), у яго на першым паверсе быў пакойчык 14 квадратных метраў і малюсенькая кухня 5 метраў».

Рыта Каждан, сяброўка Алены Драпкінай, таксама памятае той дзень, калі яе сям’я была змушаная пакінуць свой дом:

 

«25 ліпеня нас загналі ў гета. Тэрыторыю абмежавалі дротам. Там мы пасяліліся разам з сям’ёй мамінай сяброўкі. Бацька ўладкаваўся электрыкам у друкарню, дзе працаваў Майер, муж мамінай сястры, і клапаціўся пра сям’ю. Тады у нас нічога не было — усё згарэла разам з домам. Паводле загаду уладаў мы павінны былі здаць спіс усіх жыхароў нашага дома».

Сур’ёзнай праблемай у Мінскім гета была перанаселенасць. На чалавека прыходзілася прыкладна 1,5 м² жылой плошчы, і ў адным пакоі даводзілася жыць некалькім сем’ям. Ежы было мала, асноўным прадуктам харчавання былі бульбяныя ачысткі, а таксама рэшткі ежы, што рабочыя збіралі па дарозе на працу ў горад, па-за тэрыторыяй гета.

Адной з работніц была маладая Алена Драпкіна; вось яе ўспаміны:

«Яўрэі, якія не з’явіліся ў гета, караліся смерцю. І вось мы пасяліліся ў гэтым маленькім пакоі. Яўрэям дазвалялася жыць толькі на тэрыторыі гета. Але пакуль яе яшчэ не абнеслі калючым дротам, нам удавалася на пэўны час выходзіць адтуль і шукаць ежу, хоць гэта было забаронена. Пасля агароджы тэрыторыі акупанты арганізавалі біржу працы, і людзі пайшлі туды — таксама і мы з татам».

Сітуацыя ў гета была жудаснай, і без таго слабым і галадаючым жыхарам даводзілася выжываць у антысанітарных умовах — без лекаў, вады і электрычнасці.

У акупаваных нацыстамі гарадах яўрэі павінны былі насіць на вопратцы жоўты знак адрознення, каб іх можна было лёгка ідэнтыфікаваць. У Мінску гэта былі латы асаблівай круглай формы.

Спачатку зняволеных-яўрэяў забівалі на тэрыторыі Мінскага гета. Хутка масавыя забойствы мінскіх яўрэяў прынялі сістэматычны характар — былі забітыя тысячы людзей. Нацысты выкарыстоўвалі асаблівы падыход, які дазваляў ажыццяўляць паступовае, мэтанакіраванае масавае забойства яўрэяў, у тым ліку жанчын, дзяцей і пажылых людзей. Пастаянныя начныя аблавы і пагромы былі часткай стратэгіі нацыстаў па ліквідацыі Мінскага гета. Апрача гэтых рэйдаў, людзей проста хапалі на вуліцах і звозілі ў невядомым кірунку, і больш іх ніколі не бачылі.

Кожны дзень людзей забівалі ў гета. Сведкі прыгадваюць дзесяць асноўных дзённых і начных пагромаў. Першы з іх адбыўся 7 лістапада 1941 года, праз некалькі месяцаў пасля стварэння гета, а апошні пагром, у якім загінулі рэшткі жыхароў гета, 21–23 кастрычніка 1943 года.

У межах Мінскага існавала іншае, меншае гета, дзе размяшчаліся дэпартаваныя яўрэі з Заходняй Еўропы. Іх у т.зв. «Зондэргета» прывезлі на сямі цягніках у лістападзе-снежні 1941 года. Амаль усіх пасажыраў пазнейшых транспартаў з мая па кастрычнік 1942 года па прыбыцці забілі ва ўрочышчы Благаўшчына, каля вёскі Малы Трасцянец у ваколіцах Мінска. Усяго нацысты накіравалі ў Мінск больш за 23 000 яўрэяў з Германіі, Аўстрыі і пратэктарата Багеміі і Маравіі.

Некаторыя вязні гета здолелі выратавацца, бо ў многіх дамах у ім былі прытулкі-«маліны», дзе маглі схавацца цэлыя сем’і. У Мінскім гета існавала шырокая падпольная сетка байцоў супраціву, і для сустрэч яны выкарыстоўвалі адну з інфекцыйных бальніц гета, нягледзячы на тое, што там лячылі параненых падчас вайны. Ужо летам 1941 года беларускія яўрэі стварылі падполле, якое арганізоўвала ўцёкі з гета, і кіравалі дзейнасцю некаторых партызанскіх атрадаў у лясах вакол Мінска. Падполле гета функцыянавала да самай яго ліквідацыі ў 1943 годзе; усяго там дзейнічала 22 падпольныя групы.

Дакладных звестак аб колькасці смерцяў у Мінскім гета за перыяд з лета 1941 па восень 1943 года няма; але тым не менш, на аснове архіўных матэрыялаў і дакументаў па розных ацэнках былі атрыманы арыентыровачныя лічбы, што загінула ад 60 000 да 92 000 яўрэяў.

Нацысты ліквідавалі гета ў кастрычніку 1943 года, і толькі некалькім дзясяткам яўрэяў удалося схавацца ў адным з яго дамоў да вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у ліпені 1944 года.

Нягледзячы на тое, што некаторым яўрэям удалося ўцячы з гета, большасць з іх вайну не перажылі. Увогуле падчас Халакоста было забіта да 90% беларускіх яўрэяў.

У многіх з тых, хто выжыў у вайну, з’явілася надзея на новае жыццё, але яны сутыкнуліся з многімі цяжкасцямі. Яны зноўку вучыліся жыць, але ў той жа час шмат хто адчуў антысемітызм з боку савецкай улады. Створаная у 1948 годзе дзяржава Ізраіль была вельмі жаданым месцам для пражывання для многіх савецкіх яўрэяў, але з-за закрытых межаў нямногія здолелі з’ехаць туды да распаду СССР ў 1991 годзе. Прайшоўшы праз пекла гета і канцэнтрацыйных лагераў, яны утойвалі сваё мінулае, баючыся пераследу у савецкі час. Калі ў 1991 годзе Беларусь стала незалежнай, жыццё яўрэйскай абшчыны зноў пачало ажываць — і толькі з гэтага часу былыя вязні гета змаглі распавядаць свае гісторыі. Зараз напамін пра калісьці квітнеючае яўрэйскае жыццё па ўсім горадзе — помнікі і мемарыялы, што падкрэсліваюць і некаторыя з самых змрочных момантаў у гісторыі Мінска.

Хоць многія выжылыя яўрэі засталіся ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, некаторыя аддалі перавагу іншым часткам Савецкага Саюза, дзе прапаноўвалася больш магчымасцяў для працаўладкавання і атрымання адукацыі. Большая частка яўрэйскага насельніцтва ў Беларусі зараз засяроджаная ў буйных гарадах, такіх як Мінск.
Чытаць болей

«Станцыі» Аўдыёгіда па Мінскаму гета

1. Уваход у гета

Калі нацысты ўварваліся ў Беларусь у чэрвені 1941 года, яўрэі Мінска і наваколля былі вымушаны на працягу пяці дзён перасяліцца ў Мінскае гета. Гета было створана ў бедным Ракаўскім прадмесці. З лістапада 1941 года тэрыторыя была акружаная калючым дротам, і людзям дазвалялася пакідаць яе толькі ў складзе працоўных атрадаў.

2. Юбілейная плошча

Сёння Юбілейная Плошча – гэта месца забаў, дзе знаходзіцца, напрыклад, кінатэатр “Беларусь”. Аднак падчас нямецкай акупацыі яна была цэнтральным месцам Мінскага гета і, такім чынам, плошчай, дзе адбываліся шматлікія злачынствы супраць яўрэйскага насельніцтва.

One of the remaining buildings on the site of the former special ghetto

3. Зондэргета

У лістападзе 1941 года для 7 000 яўрэяў, дэпартаваных у Мінск з Заходняй Еўропы, былі створаны два “спецыяльныя гета”, якія былі ізаляваны ад яўрэяў з Мінска. Каб вызваліць месца, гарадская паліцыя бяспекі і СС забілі тысячы беларускіх яўрэяў.

4. Інфекцыйная бальніца / Музычная школа

Арганізаваны супраціў супраць нямецкай акупацыі ў Мінску пачаўся ўжо ў жніўні 1941 г. Будынак, у якім сёння знаходзіцца музычная школа, у часы Мінскага гета служыў шпіталем і базай для падпольнага руху.

5. Яўрэйскія могілкі / Мэмарыяльны сквер

Яўрэйскія могілкі былі заснаваны ў 19 стагоддзі. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія акупанты праводзілі тут масавыя расстрэлы. Тысячы яўрэяў былі забіты на тэрыторыі могілак і пахаваны ў брацкіх магілах. Сёння мемарыял “Стол і крэсла” увекавечвае памяць аб забітых тут.

6. Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў Мінску

Да вайны дом, у якім зараз знаходзіцца Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком найбліжэйшых яўрэйскіх могілак. У часы Мінскага гета ў гэтым доме знаходзіўся таемны прытулак для яўрэяў, так званая “Маліна”.

The sculptural composition “The Last Way” of the “Yama” memorial (architect Leonid Levin, sculptors Aliaksandr Finsky, Elsa Pollak)

7. Мемарыял “Яма”

Размешчаная ў самым цэнтры Мінска, так званая “Яма” з’яўляецца галоўным мемарыялам беларускім ахвярам Халакосту. Велізарны мемарыял размешчаны на месцы, дзе 2 і 3 сакавіка 1942 года былі расстраляны некалькі тысяч яўрэйскіх жыхароў Мінскага гета. Самая старая частка, “Абеліск”, была ўзведзена яшчэ ў 1946 годзе.

8. Тучынка

Тучынка – вёска пад Мінскам, дзе падчас нямецкай акупацыі былі забіты яўрэі. Масавыя расстрэлы праводзіліся за межамі горада, каб прыцягнуць менш увагі. Сёння тут знаходзіцца памятны знак у памяць 14000 забітых тут людзей.

9. Мемарыял у былым лагеры смерці Малы Тростенец

Ад пачатку Малы Трасцянец быў месцам масавых расстрэлаў і сістэматычнага знішчэння яўрэяў. Першыя масавыя расстрэлы адбыліся ў 1942 годзева ўрочышчы Благоўшчына прыкладна за 13 км ад Мінска і недалёка ад вёскі Малы Трасцянец.

У супрацоўніцтве з

Фінансуецца