Былая інфекцыйная бальніца ў Мінскім гета / Музычная школа сёння

4. Інфекцыйная бальніца / Музычная школа

Element 340
Вуліца Караля
00:00
00:00
  • 00:00

На вуліцы Караля можна знайсці адзін з нешматлікіх арыгінальных будынкаў былога Мінскага гета. Сёння тут дзіцячая музычная школа. З 1970-х гадоў у ім размяшчаўся райкам партыі. Аднак у часы Мінскага гета будынак служыў не толькі бальніцай, але і базай падпольнага руху супраць нямецкай акупацыі. Важнасць гэтага месца адзначае памятная дошка.

Арганізаваны супраціў у Мінску пачаўся ўжо ў жніўні 1941 года; тады адбыўся першы сход падпольнага руху. Удзельнікі сустрэчы аднадумна пагадзіліся, што адзіны спосаб выжыць — гэта збегчы і пачаць барацьбу з ворагам. Аднак было зразумела, што ім спатрэбіцца дапамога і з боку неяўрэйскага насельніцтва. Пазней рух супраціву пачаў усталёўваць неабходныя кантакты па-за межамі гета.

Яго ўдзельнікі збіралі зброю, медыкаменты і цёплую вопратку. Мэтай арганізаванага супраціву быў выхад за межы самазахавання і пераход да ваеннай барацьбы, да якой адносілася арганізацыя ўцёкаў зняволеных гета і іх далучэння да партызанаў.

Успаміны Рыты Каждан, былога вязня Мінскага гета, якая далучылася да супраціву і стала партызанкай: «Адзін з ваеннапалонных, які працаваў на заводзе Даймлер-Бенц, зрабіў у маім кацялку фальшывае дно, і я туды складвала патроны, скрадзеныя са склада боепрыпасаў. Я перадавала іх хлопцу па імені Юзік. Ведала, што ён звязаны з Сувораўскім партызанскім атрадам; ён абяцаў вывесці мяне з братам у лес. Улетку 1943 года Юзік знік. Мне было яго вельмі шкада, і з яго знікненнем загінулі і мае надзеі. Затым мы пачалі ўзмоцнена рыхтавацца да таго, каб стаць партызанамі. Пасля небяспечнага 18-кіламетровага маршу з горада на ўсход мой брат прыехаў у вёску, дзе мы да вайны здымалі дачу. Мясцовыя жыхары пацвердзілі, што паблізу дзейнічалі партызаны, але штоноч у вёску прыходзілі немцы і абшуквалі кожны дом, кожны куток падвалаў і гарышчаў. Брат вярнуўся безвынікова. Але такія перашкоды толькі ўзмацнілі наша жаданне пайсці ў партызаны».

 Мая Крапіна і яе брат таксама сталі партызанамі:

«[У 1943] Ні маці, ні дзядулі, ні бабулі ўжо не было — засталіся брат, я ды старэйшая сястра. Старэйшую сястру забралі і перадалі ў дзіцячы дом. Хто яе перадаў — сама дагэтуль не ведаю […] І я засталася сам-насам з братам. Ён вывеў людзей, а калі сышоў з групай, пакінуў мяне з жанчынай, якая жыла ў нашым доме. «Я хутка вярнуся», — сказаў ён ёй. — «Ты прыглядай за Маяй, потым я цябе таксама адвяду да партызанаў».

Ну, яна даглядала мяне, як магла, а потым аднойчы не вярнулася […] Нацысты ўжо знішчалі нават рабочыя каманды […] Я засталася зусім адна, уся апухла — ногі, рукі. На галаве ў валасах вошы, было балюча, быццам я ў капелюшы, і я ўжо ляжала і казала: «Лепш бы памерла, чым так пакутаваць». І, карацей кажучы, раптам прыходзіць брат, вяртаецца, праходзіць праз калючы дрот з боку вакзала, і хлопцы сустракаюць яго на яўрэйскіх могілках. «Ты aдкуль?» Ён кажа: «Што, гета больш няма?» А яны: «Не, усё яшчэ ёсць».

Увогуле, яны даведаліся, што ён прыйшоў ад партызан, яны адразу накіравалі яго ў яўрэйскую бальніцу і сказалі: «Тут мы зараз збіраем групу, вы адведзяце яе да партызанаў — медыкаменты, зброю, людзей. А мы паклапоцімся аб тваёй сястры». […] 21 кастрычніка 1943 года […] Я выйшла і ўбачыла ля брамы шмат машын, матацыклістаў, нямецкія калоны, шмат паліцэйскіх — і адразу здагадалася, што будзе пагром. Падбегла да акна і закрычала: «Ёська! Будзе пагром!» Ён спусціўся па вадасцёкавай трубе з другога паверха, і мы з ім пабеглі. Увайшлі ў адзін дом, другі, трэці — усе маліны перапоўненыя. І дзякуй Богу, што мы не зніклі ў маліну. Прыбеглі на яўрэйскія могілкі, ён кажа: «Давай паглядзім, што будзе». Я не магла ісці, ён узяў мяне на плечы, і мы апынуліся ля канца агароджы. Глядзім на дрот — а там нікога, бо ўсе сілы немцаў сабраліся на знішчэнне гета. І мы з ім прапаўзлі пад тым дротам, сарвалі гэтыя жоўтыя латы. Вядома, усе былі падраныя, брудныя — каля 15 чалавек пабеглі за намі, збольшага хлопчыкі».

Алена Драпкіна, сама партызанка і былы вязень гета, кажа пра небяспеку для тых, хто ўдзельнічаў у руху супраціву:

«Я хацела б крыху расказаць пра маю сяброўку Машу Брускіну. Мы з ёй пасябравалі да вайны, калі займаліся ў драматычным гуртку. Падчас нямецкай акупацыі Маша ўладкавалася на працу ў шпіталь па-за межамі гета. Немцы не дапускалі яўрэяў да працы там. Маша асвятліла валасы і здолела туды ўладкавацца. Калі параненыя ачуньвалі, іх звычайна накіроўвалі ў Германію на прымусовыя работы. Каб іх выратаваць, Маша недзе здабывала грамадзянскую вопратку і дапамагала ім выйсці на партызан. Але гэта не магло працягвацца вечна: хтосьці данёс немцам на Машу. Немцы зладзілі паказальнае пакаранне і павесілі яе на адной з мінскіх плошчаў. Яе цела доўга не здымалі з шыбеніцы. Калі пра гэта даведалася Машына мама (яна была з намі ў гета), яна звар’яцела».

Чытаць далей