The sculptural composition “The Last Way” of the “Yama” memorial (architect Leonid Levin, sculptors Aliaksandr Finsky, Elsa Pollak)
Скульптурная кампазіцыя «Апошні шлях» мемарыяла “Яма” (архітэктар Леанід Левін, скульптары Аляксандр Фінскі, Эльза Полак)

7. Мемарыял “Яма”

Element 340
Вуліца Заслаўская
00:00
00:00
  • 00:00

Так званая «Яма» ў самым цэнтры Мінска — галоўны беларускі мемарыял ахвярам Халакоста. Велізарны мемарыял там, дзе 2–3 сакавіка 1942 года былі расстраляныя некалькі тысяч яўрэяў Мінскага гета.

Алена Драпкіна, якая ўцякла з Мінскага гета і далучылася да партызанскага руху, распавядае як сведка гэтых пагромаў, таксама згадваючы прычыны яе рашэння збегчы: «3 сакавіка 1942 года адбыўся жудасны пагром. На складзе нам сказалі, што гета ў агні. Мы папрасілі старога памочніка начальніка не вазіць нас у гета пасля працы, але ён сказаў, што гэта немагчыма. Калі мы прыехалі, нас прымусілі ўстаць у чаргу ля ўваходу ў гета. Мы былі акружаны ўзброенай аховай — як тут уцячы. Кардонаў было некалькі, і ля кожнага немцы правяралі дакументы. У мяне быў працоўны пропуск. Немцы сартавалі людзей па групах. Цягнулася гэта вельмі доўга, надышла ноч, было холадна, ярка свяціў поўны месяц. Было ўжо каля 3 гадзін ночы. У першую групу сабралі гамбургскіх яўрэяў (яны трымаліся за рукі). Я падышла [да] немца, які правяраў дакументы, і ён ударыў мяне пугай па галаве, але ўпусціў мяне ў гета, і я далучылася да групы нашых, з кім мы разам працавалі. Нарэшце немцы загадалі: «Ідзіце дадому!» А на наступны дзень на склад прыбылі ўсе нашы мужчыны — і 2 дзяўчыны, у тым ліку я. І тут я зразумела, што трэба ўцякаць».

Нэлі Шэнкер апісвае, як  яна і яе маці выратаваліся ў пагром ў Яме:

«Потым быў яшчэ большы хаос. Пагром, ад яго немагчыма было схавацца: гэта была яма, яма. Вы ж ведаеце гэтую Яму, праўда? Мы з мамай былі жывыя, яма «дыхала» — дыхала, таму што ў ёй былі і забітыя, і яшчэ не забітыя. У іх стралялі з аўтаматаў і з усяго на свеце. І мы з мамай кінуліся ў гэтую яму. Ну, было ўжо позна, і на нас легла нешмат чалавек, а так яны б, вядома, задушылі нас. Потым ноччу машыны ўтрамбоўвалі гэтую яму, і яны калі з’ехалі, ну як утрамбоўвалі яе […] Мы з мамай выпаўзлі, усе ў крыві страшна, пайшлі да калонкі… Памыліся і зноў пайшлі дадому».

На тэрыторыі Ямы знаходзяцца тры часткі мемарыяла, у тым ліку група скульптур і алея, прысвечаная беларускім «Праведнікам народаў свету». Яна была створаная ў 1996 годзе ў гонар шэрагу беларусаў-неяўрэяў, прызнаных дзяржавай Ізраіль як людзі, якія рызыкавалі сваім жыццём, ратуючы яўрэяў падчас Халакоста.

Самай старой часткай мемарыяла з’яўляецца «Абеліск» 1946 года, прысвечаны ахвярам пагрому 2–3 сакавіка 1942 года. Надпіс на рускай мове і ідышы адлюстроўвае стылістыку, што выкарыстоўвалася для савецкіх мемарыялаў: «Светлая памяць на вечныя часы пяці тысячам яўрэяў, якія загінулі ад рук заклятых ворагаў чалавецтва — нямецка-фашысцкіх злодзеяў 2 сакавіка 1942 года». Адзначым, што такое канкрэтнае ўзгадванне яўрэяў у якасці ахвяр у савецкай культуры памяці — з’ява вельмі рэдкая.

У 2000 годзе да мемарыяльнага комплексу дадалі бронзавую скульптуру пад назвай «Апошні шлях». На ёй бачны 27 пераплеценых людзей, якія пакідаюць гета і спускаюцца ў яму. Мемарыял стварылі беларускі архітэктар і старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін і ізраільская скульптарка Эльза Полак.

На гэтым месцы некалькі разоў на год ладзяцца памятныя мерапрыемствы — напрыклад, у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста або ў важныя даты пагромаў 2 сакавіка і 21–23 кастрычніка.

Чытаць далей