Частка мемарыяла ў Благаўшчыне – “Дарога смерці” з відам на плошчу Парадокса (архітэктары Галіна і Леанід Левіны)

9. Мемарыял у былым лагеры смерці Малы Тростенец

Element 340
Брама памяці: вул. Сяліцкага/Благаўшчына, недалёка ад Смілавіцкага тракта.
00:00
00:00
  • 00:00

Малы Тростенец адносіцца да ліку малавядомых месцаў знічтажэння, якія выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны — галоўным чынам таму, што амаль ніхто адтуль не выжыў. Яно складалася з трох частак: працоўнага лагеру на месцы былога калгаса, месца забойства ў Благаўшчыне і месца спалення ва ўрочышчы Шашкоўка. Першапачаткова пасля ўварвання нацысцкай Германіі тут знаходзіўся працоўны лагер; а ва ўрочышчы Благаўшчына, прыкладна за 13 кіламетраў ад Мінска і недалёка ад вёскі Малы Тростенец,  вясной 1942 года пачаліся масавыя расстрэлы. Дадзеная тэрыторыя была месцам забойства з мая 1942 да прыходу Чырвонай Арміі ў чэрвені 1944 года.

Афіцыйныя лічбы ахвяр Малога Трасцянца адрозніваюцца. Самую высокую ацэнку (206 500 чалавек) дала Надзвычайная дзяржаўная камісія, якая першай расследавала масавыя забойствы тут у 1944 годзе. Хоць гэтая лічба шырока распаўсюджана ў беларускай культуры памяці, лічыцца, што яна перабольшана. Сучасныя гісторыкі, такія як Крысціян Герлах, ацэньваюць колькасць забітых нацыстамі і іх памагатымі бліжэй да 60 000 чалавек.

Забітымі тут ахвярамі былі ў асноўным яўрэі Мінскага гета, але таксама і яўрэі, дэпартаваныя з Германіі і Аўстрыі і пратэктарата Багеміі і Маравіі (былая Чэхаславакія), а таксама мясцовыя грамадзянскія асобы, ваеннапалонныя і ўдзельнікі руху супраціву.

Сёння ў вялікім мемарыяльным комплексе «Малы Тростенец» існуе шэраг мемарыялаў, прысвечаных ахвярам. Напрыклад: да скульптуры пад назвай «Брама памяці» можна дабрацца, калі пайсці па «Маршруце памяці». Тут на беларускай, рускай і англійскай мовах пазначаны назвы і месцазнаходжанне асноўных месцаў масавых забойстваў на Беларусі, а таксама колькасць ахвяр. Яўрэі не згадваюцца як канкрэтная група сярод ахвяр і пра іх няма надпісаў на іўрыце або ідышы. У канцы гэтай дарогі знаходзіцца дошка з агульнай інфармацыяй аб месцы, а побач з Брамай памяці стаіць яшчэ адзін помнік, прысвечаны ахвярам з ліку аўстрыйскіх яўрэяў, — «Масіў імёнаў». Яго адкрылі ў 2019 годзе ў памяць пра больш чым дзесяць тысяч яўрэяў з Аўстрыі, забітых тут у перыяд з 1941 па 1942 год.

Мемарыяльны комплекс на былым месцы расстрэлу ў Благаўшчыне складаецца з дзвюх частак: праекта Леаніда Левіна, які паказвае апошні шлях ахвяр праз плошчы Жыцця, а таксама Парадокса і Смерці, і мемарыяльных могілак з адлітымі абрысамі брацкіх магіл. Ён быў адкрыты ў 2018 годзе. У «Лесе імёнаў» сваякі аўстрыйскіх яўрэяў павесілі жоўтыя шыльдачкі з імёнамі ў памяць аб загінулых членах іх сем’яў.

Чытаць далей