Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў Мінску

6. Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў Мінску

Element 340
Вуліца Сухая, 25
00:00
00:00
  • 00:00

У будынку на Сухой, 25 зараз знаходзіцца Гістарычная майстэрня Леаніда Левіна пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, якая пачала працаваць у сакавіку 2003 года. Тут ладзяцца міжнародныя канферэнцыі і семінары. Майстэрня ўключае выставу па тэме Халакоста, што пралівае святло на цёмныя старонкі мінулага, калі праз гэты будынак праходзілі вязні яўрэйскага гета.

Дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на размешчаных непадалёк яўрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак. Пасля 1929 года дом быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловай арцеллю. Падчас вайны ён знаходзіўся ў межах Мінскага гета. У пасляваенны час тут размяшчаліся ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад.

У часы існавання Мінскага гета ў гэтым доме ля могілак быў таемны схрон — так званая «маліна», — дзе яўрэі маглі схавацца. 23 кастрычніка 1943 года нямецкія акупанты абвясцілі Мінск «юдэнфрай» (Judenfrei) — свабодным ад яўрэяў. Аднак там схаваліся 26 яўрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення.

“Маліны” былі па ўсім гета. Барыс Млынскі, які таксама жыў у доме недалёка ад яўрэйскіх могілак, апісвае працэс стварэння “маліны”: «Гэтае сховішча мы капалі ўсё лета. Ну, ноччу выносілі ў вёдрах па ланцужку зямлю, раскідвалі яе пад двор, зверху клалі дзёран. А на наступны дзень яго падымалі, насыпалі пад яго зямлю і на яе зноў той дзёран — быццам ніхто нічога і не рабіў. І было настолькі ўжо ёмка ў нас арганізавана, што ўсе жыхары нашага дома, а іх было чалавек 10 ці 12, маглі ўсе спусціцца ўніз за хвіліну ці паўтары. Там пад ложкам высоўвалася ў бок адна дошка, усе спускаліся ўніз і апошні (гэта быў я звычайна) за сабой тую дошку засоўваў зверху».

Рыта Каждан хавалася ў падобным схроне:

«Абрам Аронавіч Левін, муж мамінай сяброўкі — выдатны чалавек, вельмі прыстойны, у сталых гадах — быў фармацэўтам. Мы пераехалі да яго. У ягонай аптэцы была так званая “маліна” — месца, дзе можна было схавацца ад фашыстаў. Сам Абрам Аронавіч заставаўся ў аптэцы, мы ж праз ніжнюю паліцу, якую можна было выцягваць, праходзілі ў аптэчную шафу ў суседнім пакоі, дзе захоўваліся лекі і мерныя шкляначкі; потым Левін ставіў паліцу назад. Вось як мы хаваліся».

Лізавета Ляўкова хавалася ў «маліне» ў будынку, дзе зараз знаходзіцца Гістарычная майстэрня. Яна дажыла да прыходу Чырвонай Арміі 3 ліпеня 1944 года ў тым сховішчы, дзе яна і іншыя пасля ліквідацыі гета заставаліся пад зямлёй на працягу 9 месяцаў:

 «Мы чулі вельмі цяжкія самалёты, якія, здавалася, расколвалі неба. […] Прайшла гадзіна, дзве, тры. Мы думалі, што ўсё — яе схапілі. І якраз тады яна расчысціла ўваход і пачала крычаць: «Выходзьце, вайна скончылася». Мы не зразумелі і спыталі яе, што здарылася, а яна зноў: “Выходзьце, гэта ўжо савецкая армія”. Але як выбрацца, калі ногі не слухаюцца. І мне не было чаго апрануць; халат, які на мне быў на момант уваходу ў хованку, быў брудны і поўны вошай. Не мылася дзевяць месяцаў, ды й не толькі я — ніхто з нас не прымаў ванну, мы нават рукі не мылі ўвесь той час».

Чытаць далей