Сёння Юбілейная плошча — месца забаў, дзе знаходзіцца, напрыклад, кінатэатр «Беларусь». Аднак падчас нямецкай акупацыі яна была цэнтрам гета. Зараз тут стаіць помнік з надпісам пра ўсіх ахвяр Мінскага гета на беларускай, англійскай мовах і іўрыце ў памяць аб тысячах дэпартаваных і забітых тут яўрэях.
На Юбілейнай плошчы размяшчаліся «юдэнрат» і біржа працы.
Юдэнрат — яўрэйскі савет, створаны па загадзе нямецкіх акупантаў для ажыццяўлення іх палітыкі і падтрымання ў гета парадку. Акрамя юдэнрату, у гета стварылі атрад яўрэйскай дапаможнай паліцыі колькасцю 200 чалавек для выканання загадаў і падтрымання парадку. Юдэнрат быў павінен арганізоўваць прымусовую працу жыхароў гета, а паліцыя патрулявала брамы, каб ніхто не мог пакінуць яго тэрыторыю без дазволу. Роля юдэнрата была супярэчлівай. Хоць яму даводзілася выконваць загады немцаў і гэтак садзейнічаць пераследу і знішчэнню яўрэяў у гета, некаторыя яго члены таксама выкарыстоўвалі сваё становішча для дапамогі руху супраціўлення. Праца ў любой з гэтых двух акупацыйных структур таксама магла б дапамагчы выратаваць сябе ці сваіх сваякоў або крыху палепшыць умовы жыцця. Дзеянні як юденрата, так і паліцыі гета варта ацэньваць у кантэксце акупацыі і жудасных умоў жыцця ў ім.
Кожны дзень паліцыя суправаджала яўрэйскія рабочыя калоны з Юбілейнай плошчы ў горад для прымусовых работ; яны вярталіся толькі позна ўначы. Алена Драпкіна ўваходзіла ў склад такой рабочай брыгады:
«Назаўтра я пайшла на біржу, дзе мне далі працу на галоўным складзе чыгункі. Склад быў вельмі вялікі, туды вазілі мыльны парашок, мётлы і іншыя тавары з Германіі. Нас было 19 дзяўчат; мы мусілі загружаць і разгружаць грузавыя вагоны. Немцы вазілі нас туды і назад на грузавіку, бо склад знаходзіўся далёка ад гета. Так я працавала там з канца восені, усю зіму напралёт. Многія яўрэі працавалі, але не ўсе. Было шмат жанчын з маленькімі дзецьмі і сталых мужчын».
На Юбілейнай плошчы збіралі яўрэяў перад адпраўкай на месцы знічтажэння. Так адбылося і перад вядомымі пагромамі 2-3 сакавіка і 28-31 ліпеня 1942 года, калі былі забітыя па некаторых ацэнках да 30 тысяч чалавек.
Падчас гэтых рэйдаў — так званых «акцый» — нацысты ўрываліся ў дамы, хапалі падлеткаў, старых і жанчын і забівалі іх. Такое адбывалася амаль кожны тыдзень. Ачаплялі сектар гета, і пакінуць яго было немагчыма. Усіх, каго знаходзілі, знічтажалі. Пазней гэты сектар выключаўся з гета, што паступова змяншала яго тэрыторыю, і таксама ўсё больш і больш скарачалася яўрэйскае насельніцтва.
Алена Драпкіна апісвае жах такіх рэйдаў:
«Немцы і некаторыя мясцовыя аглядалі дамы. Іх мэтай былі мужчыны. […] Раніца 28 жніўня, я ўсё яшчэ спала. Маё месца для сну было на стале, бо пакой быў перапоўнены. Увайшоў мой дзядзька і сказаў нам пра паліцыю. Мы ўсё зразумелі — мае дзядуля і цётка зніклі падчас падобнай аблавы 7 лістапада. Я тут жа падхапілася, хутка апранулася і кінулася пад лесвіцу. Там нашы мужчыны збудавалі нешта накшталт траншэі-хованкі: вузкая прастора, закрытая з аднаго боку пласцінай і завешаная адзеннем. Мне ўдалося заскочыць унутр. Там ўжо было поўна людзей. Мы прастаялі так ўвесь дзень напралёт. Сярод нас была жанчына з маленькім дзіцём, і мы ўсе баяліся, што яно заплача. Немцы заходзілі ў хаты, прачэсвалі пакоі і ўсіх выводзілі. Мы чулі ўсё, што адбывалася навокал: як падымаліся і спускаліся па лесвіцы людзі, як мая мама казала: «Хвілінку, я апрану паліто».
Усіх маіх сваякоў вывезлі з Мінска і расстралялі. Цяпер я не магу зразумець, як мне ўдалося вытрымаць тое катаванне, што доўжылася цэлы дзень. Дзякуй старэйшаму брату таты, які папярэдзіў нас пра аблаву, — мне хапіла часу, каб схавацца і ўцячы».
© 2022 Centropa & Project Partners. All rights reserved.
Privacy Policy / Cookie Preferences / Legal Notice & Photo Credits